Надзея Надзі

Надзя Зелянкова - спікерка беларускай дыяспары ў Эстоніі (Мінск-Таллінн)
Надзея Надзі
Надзя Зелянкова - спікерка беларускай дыяспары ў Эстоніі (Мінск-Таллінн)
Для беларусаў і беларусак жыццё падзялілася на «да лета 2020» і «пасля», і Надзя Зелянкова не выключэнне. «Да гэтага лета» яна з'яўлялася ў прэсе ў ролі эксперткі: журналістка, уласніца крэатыўнага медыя-агенцтва Red Graphic, разам з мужам сузаснавальніца смелага партала KYKY.org, галерэі сучаснага мастацтва «Ў» і віннага «Ў-бара» наўздагон.

Цяпер Надзя вядомая і тым, што яна жонка Сашы Васілевіча, які сядзіць у турме ад жніўня 2020 года. Там ён прапусціў не толькі год жыцця, але і нараджэнне малодшай дачкі. Саша і сам цяпер на слыху не дзякуючы стварэнню Vondel/Hepta, галерэі «Ў», kyky.org і The Village-Беларусь, а дзякуючы кранальным казкам «Тата і Пінгвін», якія ў турме ён піша для старэйшай дачкі Адэлі. Малодшая, Уршуля, нарадзілася ўжо ў Таллінне, дзе Надзя працягвае працаваць, гадаваць дзяцей і змагацца за вяртанне нармальнага жыцця для сябе і ўсіх беларусаў і беларусак.

«Ну вось, зноў ты да мяне прыходзіш, калі я проста рублюся», − жартуе Надзя.

Яна выглядае, як звычайная паспяховая эстонка: светлыя валасы і светлая скура ў кантрасце са зручным адзеннем у цёмных колерах. Праца з планшэта, з тэлефона і з ноўтбука. Сучасная прафесія і сваё агенцтва з супрацоўнікамі і супрацоўніцамі, раскіданымі па розных краінах. Дзве светлавалосыя дачкі – выпраменьваючыя радасць маленькія копіі самой Надзі.
У прыгожай светлай кватэры беспарадак нашмат меншы, чым можна чакаць ад занятай жанчыны: цацкі – на паліцах, паперкі – усе ў адной кучцы, няма гары посуду на кухні або вежы з забытых кубкаў з-пад кавы. Ніякага сакрэту няма: «Проста ўсім патрэбна навучыцца адразу за сабой прыбіраць». І сапраўды, Надзя адразу ж мые за сабой каструлю, адразу ставіць кнігу на паліцу. І тое самае за ёй паўтарае старэйшая Адэля: забірае талерку, мые, ставіць на сушылку.
Ну вось, зноў ты да мяне прыходзіш, калі я проста рублюся
Ну вось, зноў ты да мяне прыходзіш, калі я проста рублюся
Надзя заўсёды апранутая ў чорнае: «На яго фоне ўсё становіцца яркім. І мыць можна ўсё адразу». Пасля юнацкіх эксперыментаў з валасамі яна спынілася на кароткай стрыжцы і светлым блондзе, які і сапраўды выглядае вельмі ярка на фоне яе цёмных убораў. Яна знайшла, у чым ёй камфортна. Ці не гэта той самы «паспяховы поспех» сучаснай жанчыны: рэалізавацца і ў кар’еры, і ў мацярынстве, і ў актывізме, выступаць ад імя беларускай дыяспары ў Эстоніі і змяняць свет да лепшага? А што з гэтага найважней?

«Актывізм, вядома, не галоўнае. А астатняе… Калі як. Цяпер вось патрэбна больш працаваць, каб быць добрай мамай для Адэлі і Уршулі».

Заварвае новую каву і ставіць на калені ноўтбук, адначасова слухае гісторыі старэйшай Адэлі пра пакемонаў і нават удзельнічае ў размове, не адрываючыся ад працы:

− Гэта несумленна, − заўважае Надзя, − У цябе каля дому гэтая круцілка з прызамі ёсць, а іншым трэба некуды за ёй хадзіць.

− У кагосьці таксама ёсць, а ў кагосьці няма, − канстатуе факт Адэля. − Несправядлівасць паўсюль.
Не, мам, перадача – 4 кілаграмы…
Не, мам, перадача – 4 кілаграмы…
Надзя кажа, што з двума дзецьмі адной не складана: толькі б не крычалі, а так усё добра.

− Пікачу эвалюцыянуе? – здаецца, гэта адзіны раз, калі ў яе каменна-спакойным голасе здрыганулася эмоцыя: здзіўленне.

− Так! Ён эвалюцыянуе у РАЙЧУ!
− Толькі не крычы, Уршуля прачнецца.

Мірную сямейную суботу перарывае званок. Хутчэй адказаць, каб не разбудзіць Уршулю.

− Не, мам, перадача – 4 кілаграмы…

Здаецца, сёння ўсе беларусы і беларускі ўжо ведаюць, што такое «перадача» і што ў яе можна класці, што ў зняволенні могуць купіць у «атаварцы», што такое «кармушка», «шмон», «прэс-хата», і што «лазня» ў турме – зусім не лазня, а проста душ.

Тым часам Адэля засмучана ўздыхае: пакемон збег. У нейкі момант Надзя і сама здаецца – засыпае проста за кнігай. І шумныя гульні Адэлі не перашкодзілі.
Надзя ведае, што рэжым зруйнуецца. «Безумоўна, проста эканамічна не вытрымае». Яна кажа пра барацьбу так спакойна, нібыта гэта рэцэпт аладак.

Яна не мае адказу на пакутлівыя для ўсіх пытанні «ну калі ўжо?», «а доўга яшчэ?», «а што рабіць?». Надзя проста робіць тое, што патрэбна цяпер: працаваць, адправіць дзіця ў школу, вучыць эстонскую, сабраць дыяспару на акцыю, напісаць Сашы ў турму, дапамагчы сабраць яму перадачку.

У Талліннскі Клуб Пісьменнікаў Пісем Надзя не ходзіць. Два разы на месяц клуб збіраецца з гарой канвертаў, паштовак, налепак і паперы, каб калектыўным розумам напісаць стос лістоў імяніннікам месяца, зняволеным у турмах. Па прыкладзе Талінскага Клуба ўжо збіраюцца і іншыя дыяспары, а Надзя смяецца: «З эпісталярным жанрам ужо ўсё выдатна».

Надзя не з'яўляецца на забегах, веламарафонах, яе не пабачыш у чарзе на фотаздымак з вялізным БЧБ-сцягам або плакатам на плошчы. А яшчэ яна не крычыць «Які кашмар!», «Людзі ж у турмах!». Але яна выходзіць размаўляць з журналістамі, зноў і зноў, цярпліва і стрымана тлумачыць: хто мы, навошта прыцягнулі 600 крэслаў на плошчу і чаму гэта важна. 9 жніўня 2021 года, на ўгодкі «выбараў без выбару», дыяспара выставіла на плошчы Свабоды крэслы з імёнамі ўсіх палітзняволеных, каб паказаць, як шмат бязвінных людзей сядзіць у беларускіх турмах. 600 крэслаў, падрыхтаваных загадзя, не хапіла: за некалькі дзён у турмы кінулі яшчэ 17 чалавек.

Надзя цярпліва паўтарае журналістам тое, што не так відавочна: не, пратэст не «здзьмуўся». Не, нас, супраціўнікаў і супраціўніц Лукашэнкі, усё яшчэ большасць. Так, патрэбна працягваць «дзяўбсці гэтую ўладу», таму што ўсе гэтыя людзі вінаватыя толькі ў тым, што выказаліся супраць яе.
Не, пратэст не «здзьмуўся». Не, нас, супраціўнікаў і супраціўніц Лукашэнкі, усё яшчэ большасць
Не, пратэст не «здзьмуўся». Не, нас, супраціўнікаў і супраціўніц Лукашэнкі, усё яшчэ большасць
Падобна, Надзя ўжо прызвычаілася да ўвагі СМІ: яна не ўздрыгваецца пры гуку затвора і не напружваецца пры камерах, як гэта робяць звычайныя людзі. «Кожны раз гляджу на цябе – выпростваю спіну», − будзённа іранізуе яна над сабой, калі я ўключаю камеру. І зноў вяртаецца да сваіх спраў.

Надзя збірае бязладдзе ў арганізаваную дыяспару і нават ідзе на ток-шоў – само гэтае слова яна вымаўляе з лёгкай агідай. «Ой, я бедная-няшчасная, прыехала з Беларусі…» − Надзя перадражняе звыклую рыторыку медыя і з грымасай адмахваецца. Але ўсё адно апранае белую кашулю, сядае ў крэсла візажысткі і выходзіць на сцэну.

Мадэратары ў студыі зусім не спраўляюцца з вядзеннем дыскусіі, малады палітык выкрыквае меркаванне кожную секунду, цынічны госць ва ўзросце адпускае каментары наконт дзяўчат ў зале. А Надзя сядзіць з каменным тварам. Яна гаворыць мала, але тлумачыць усё дакладна і ўпарадкавана – быццам размаўляе з дзецьмі. І ніхто не адважваецца яе перабіць.
− Навошта ты гэта робіш? – пытаецца Адэля, нагуляўшыся з камерай.

− Каб такіх цудоўных людзей, як твая мама, было больш.

Адказ не задаволіў ні адну з нас: Адэля так і не зразумела, што такога ў камеры, калі ёсць нашмат больш цікавы планшэт.

А я задумалася: больш моцных і ўпэўненых, спакойна-клапатлівых, проста добрых жанчын зробяць свет лепшым. Але ніхто з іх не павінен трапляць пад такія выпрабаванні, губляць дом і блізкіх, вымушана шукаць бяспеку ў чужой краіне. І тым больш выступаць на ток-шоў.

Хіба што дзеля надзеі.
Аутарка: Яна Варанцова
Мінск-Таллінн

Падзяліцца:

Папярэдняя гісторыя

Наступная гісторыя

Слов’янська бунтарка, яка бореться
за можливості для молоді
Ганна Авдіянц, засновниця платформи ініціатив «Теплиця»

Слов'янськ (Украіна)
Слов’янська бунтарка, яка бореться
за можливості для молоді
Ганна Авдіянц, засновниця платформи ініціатив «Теплиця»

Слов'янськ (Украіна)